ФЕРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,
рэзкае павелічэнне паглынання энергіі эл.магн. поля ферамагнетыкам пры пэўных (рэзанансных) значэннях частаты і напружанасці прыкладзенага магн. поля; разнавіднасць электроннага магнітнага рэзанансу.
Частата Ф.р. (звычайна ў радыёдыяпазоне) вызначаецца ўласнай частатой прэцэсіі магн. момантаў электроннай сістэмы крышталя ва ўнутр. магн. полі, залежыць ад лікавага значэння і напрамку знешняга магн. поля, т-ры, формы і памеру ферамагнетыка, яго даменнай структуры. Ф.р. з’яўляецца калект. эфектам: элементарныя магн. моманты ферамагнетыка моцна звязаны, і паглынанне энергіі адбываецца ў выніку ўзаемадзеяння пераменнага магн. поля з сумарнымі магн. момантамі макраскапічных аб’ёмаў рэчыва, таму апісанне Ф.р. магчыма ў рамках класічнай макраскапічнай тэорыі. Даследаванне Ф.р. дае магчымасць вывучаць характар узаемадзеянняў у крышталях, даменную структуру і працэсы намагнічвання, вызначаць магн. параметры. Шырока выкарыстоўваецца ў тэхніцы ЗВЧ для стварэння перастройвальных магн. полем рэзанатараў, фільтраў, селектыўных датчыкаў, вентыляў і інш.
Р.М.Шахлевіч.
т. 16, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)